ДАРО́ЖНАЕ АДЗЕ́ННЕ,

шматслойная канструкцыя праезнай ч. аўтамабільнай дарогі, прызначаная стварыць роўную, трывалую і шурпатую паверхню для руху трансп. сродкаў. Успрымае нагрузку ад колаў машын, перадае яе ў разгрупаваным выглядзе на земляное палатно, ахоўвае яго ад увільгатнення і прамярзання.

Д.а. складаецца з дарожнага пакрыцця і адна- або шматслойнай асновы. Дарожнае пакрыццё бывае ўдасканаленае капітальнае (цэмента- або асфальтабетоннае, мазаічнае і брусчатае маставое на трывалай аснове), удасканаленае аблегчанае (чорнае друзавае і чорнае жвіровае на аснове з каменных матэрыялаў), пераходнае (грунтадрузавае, грунтажвіровае і грунтавое, умацаванае вяжучымі матэрыяламі, маставое з колатага каменю), ніжэйшае (грунтавое, палепшанае дамешкамі жвіру, друзу або пабудаванае з аптымальных грунтавых сумесей). Аснову адзення робяць з цэмента- і асфальтабетону, шчэбеню, гравію, з грунтоў, умацаваных вяжучымі рэчывамі і інш. Можа мець гідра- або цеплаізаляцыйныя праслойкі, трубчасты дрэнаж. У Беларусі дарогі агульнага карыстання маюць Д.а. (1997, у %): цэментабетоннае 3,5, асфальтабетоннае 63,5, чорнае жвіровае і чорную шашу 3, белую шашу 0,1, маставое 0,5, жвіровае 29,4.

І.І.Леановіч.

Дарожнае адзенне: 1 — дадатковы слой асновы; 2, 3 — слаі асновы; 4, 5 — ніжні і верхні слаі дарожнага пакрыцця.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)